суполка мастакоў-наватараў, утвораная 14.2.1920 у Віцебскай маст. школе пад кіраўніцтвам К.Малевіча і Л.Лісіцкага. У яе ўваходзілі педагогі і навучэнцы В.Ермалаева, М.Коган, І.Чашнік, М.Суэцін, Л.Хідэкель. Сваёй праграмай творчай дзейнасці ставілі радыкальную перамену свету рэчаў па прынцыпах супрэматызму. Праграма суполкі абгрунтавана ў маніфесце, надрукаваным у газ. «Известия Витебского губернского Совета крестьянских, рабочих, красноармейских и батрацких депутатов» (17.3.1920). Філіялы УНОВИС былі арганізаваны ў Смаленску, Маскве, Самары, Саратаве, Адэсе і інш. У Віцебску была пастаўлена футурыстычная опера «Перамога над сонцам» (1920), праводзілася супрэматычнае афармленне горада да свят, канферэнцый, сходаў, выконваліся рэкламнае афармленне трамваяў, шматлікія праекты прыкладной графікі, сцэнаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктурных праектаў, літаграфскім спосабам выдаваліся тэарэт. матэрыялы. У 1922 Малевіч з найб. актыўнымі членамі суполкі ад’ехалі ў Петраград, і суполка распалася. Асобныя палажэнні праграмы выкладзены у «Супрэматысцкім маніфесце Уновіса» (1924, Ленінград). Прынцыпы УНОВИС паўплывалі на кніжную і прыкладную графіку, афармленне выставак на Беларусі; на першых Усебел. выстаўках дэманстраваліся творы супрэматычнага кірунку. З 1994 перыядычна праводзіцца міжнар. пленэр «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць».
Літ.:
Великая утопия: Рус. и сов. авангард, 1915—1932: [Каталог]. Берн. М., 1993;
Наливайко Л.Д. К истории художественной жизни Витебска (1918—1922 гг.). Витебск, 1994.